Канстанцін Стаповіч Казімір Сваяк

Птушцы да шчасьця — вольнасьці трэба Да шчасьця краскі — яснага неба, Дзіця шчасьліва — на руках маткі, Бяздольны рвецца — да цёплай хаткі.

Мудрага шчасьце — веры шуканьне, Шчасьце паэта — шчыра каханьне, Струджаным думкам — трэба спачынку, Сэрцу збалеламу — вясны ўспамінку.

Для ўсіх-жа людцоў, гдзе ёсьць іх колькі, Аднаго трэба на сьвеце толькі — Без чаго сьвет наш — блудна дарога: Усім да шчасьця патрэба Бога.

1924

На крыльлях думкі я ляту стралой Туды, гдзе край мой родны-сьлёзны Паглумлены паганаю рукой, Загнаны, цэлы век трывожны…

Ты, Божа, разсудзі: чаму народ мой бедны Праз век гніе у цьме, ў няволі безпатольнай, Скажы — няўжо прыказ Твой запаведны Пакорным быць падан душы бязвольнай!?

Бо есьлі так, народ згніе ў пакоры, Чужынцу дасьць і матку і дачку; А сам бядак, нанет прыбіты — хворы Жыцьцё закончыць на чужым шнурку…

Ах, тым праклён я шчыры пасылаю, Хто войнамі жыве, прыгнётам і нажывай, Праклён і тым, паклоны хто складае Асільству — і блуду — і роскашы лянівай.

Украсьці я хацеў вось-гэту тайну з неба: Чаму нядобраму шырока сьвет — дарога, Чаму цярпліваму нямаш у хаце хлеба, Чаму на сьвеце больш і больш благога.

Народзе мілы мой! Цяпер ужо ня знаю, Чым маеш ты каваць цяжкую сабе долю: Дабром за зло плаціць (што ў сэрцы я хаваю), Ці ворага душыць ў крыві — ў вагні — ў вугольлі…

Ламаюся я сам тваею крыўдай зьбіты, А сэрца мне крывей зьліваецца ад болю, Што вечна ты ціхі, як Богам пазабыты, Як здань пакутная шукаеш сабе волі.

1924